Пенсіянеры

 

Нам з табой няма чаго спрачацца,
Мітусіцца, нібы кажаны.
Вып’ем па апошняй добрай чарцы
I закусім хлебам аржаным.

Ты маўчыш, дакладчык і выкладчык,
Заратустра ісцін прапісных?
Ну, вядома, мы яшчэ не клячы,
Толькі ўжо ў камандзе запасных.

Нам не жыць у санаторных схонах,
I, калі ўжо нельга піва піць,
Зрэжам па кійку сабе сухому,
Пойдзем бюракратаў зноў лупіць.

А калі яны зусім звяліся,
Будзем грушы ў садзе атрасаць,
А пасля штодня па дзесяць пісем
Адсылаць па розных адрасах.

Падамо заявы ў таварыства,
Дзе тытунь не смокчуць і не п’юць,
Дзе не ўмеюць нават пасварыцца,
Толькі дрэмлюць ды ў далоні б’юць.

Не для здзеку бог прыдумаў старасць,
Скардзіцца на лёс не нам з табой.
Дык давай закурым лепш, таварыш,
А пасля кульнём і па другой.