Пазносіў я многа ламачча,
Вячэрні касцёр хоць куды!
Сусед мой, як рыцар з Ламанчы,
Наіўны, высокі, худы.
Агонь разгараецца буйна,
Забудзем трывогу і боль.
Частуйцеся печанай бульбай,
Вось добрая шэрая соль.
Ноч іскры маўкліва глытае.
А мы то маўчым,
То услых
Гаруем, што моладзь не тая,
Што шмат гультаёў маладых;
Што зніклі руплівасць, стараннасць
I гордасць за працу сваю.
Прыемны ім чад рэстаранны,
Там скачуць, і п’юць, і пяюць.
А мы іх адзелі, абулі,
Так-сяк, але вывелі ў свет...
Частуйцеся печанай бульбай,
Мой добры сумленны сусед.
Пярэчыць мне:
«Не характэрна!
Патрэбен бацькоўскі давер.
Вось вырашым крызіс кватэрны,
I знікне уласніцкі сверб.
Патрэбна для моладзі лекцый,
Патрэбна іх сэрцы працяць».
А лекцыі тыя улегцы
Фурманкай пустой тарахцяць...
У пекле акопным, у брудзе,
На вогненнай перадавой
Адважныя чыстыя людзі
Дзяцей засланілі сабой.
А гэтых мы самі расцілі,
Ёсць БАМ і была цаліна.
I ўсё-такі іх не хрысціла
Агнём і крывёю вайна...
Трывогу глыбока затоіш...
Пра што наша моладзь пяе?
Пра тое ж,
Пра тое ж,
Пра тое ж,
Што спаць маладым не дае.
I слухаць ім сумна пытанні,
Што мучаць салдатаў старых.
I хлопцы бягуць на спатканні
Да смелых сябровак сваіх...
А час па-ранейшаму бурны,
Ад войнаў уздрыгвае свет....
Частуйцеся печанай бульбай,
Негаваркі мой сусед.