Пажыць да дна — і кропка, годзе.
У чым жа справа?
Усё запознена прыходзіць:
Набытак, слава.
Той славы з макавае зерне,
На грош набытку.
А маладосць ужо не вернеш,
Хіба што ў сшытку,
Дзе ты пракладваеш сцежкі
Зноў у былое.
А на цябе глядзіць з насмешкай
Жыццё жывое.
А што яму да успамінаў,
Да спавяданняў,
Што праляцелі недзе міма
Спадзяванні.
Ты добра жыў.
Чаго смуткуеш?
Не вер жэньшэню.
Жыццё працуе і святкуе
I моладзь жэніць.
Ляціць яно па зорных трасах
I зырка свеціць.
Мы не прыгодны ў суддзі часу:
Яго мы дзеці.
Рук не шкадуючы, рабілі,
Жылі як людзі.
I не прасі, каб не забылі,
Лепш без ілюзій.
Глядзі без зайздрасці, як дораць
Дзяўчатам кветкі.
Спраў маладым няма да гора...
Ты сам быў гэткі.