Пазарасталі ўсе траншэі...

 

Пазарасталі ўсе траншэі,
У іншай эры мы жывём.
А ніткі дружбы ўсё танчэюць,
Мы часта самі іх ірвём.

У кожнага свае турботы,
I ясны дзень, і хмурны дзень.
У кожнага свае згрызоты,
I быт, і лад, і ход падзей.

Адзін на дачы прымасціўся,
Яго ўсе думкі пра сябе.
Другі прапіўся, апусціўся,
Удачы рэдкія скубе.

I не цікавяцца табою,
І не цікавяць больш яны.
I з раўнадушнаю журбою
Стаяць ля нейчае труны...

Трывожна сэрцу ды і горка:
Гады сяброўства раздзяўблі.
Аб дружбе ж, помніцца, гаворку
Ў сырых траншэях мы вялі.