Пасля дэмабілізацыі

 

Я люблю блукаць па вузкіх
Мінскіх вуліцах вясной,
Калі пахне беларускай
I таполяй і сасной.

Сонца латае руіны.
Ботаў стук. Шыпенне шын.
Пешаходаў ручаіны,
Рэкі гулкія машын...

Я іду, бывалы воін,
Памужнелы і худы,
Шчэ не звыклы да спакойнай,
Да цывільнае хады.

Углядаюся у вочы,
Вочы добрыя людзей,
I чамусьці з кожным хочаш
Прывітацца: «Добры дзень!»

Нібы з імі жыў я недзе
Ці то гутарыў да дня,
Нібы ўсе — мае суседзі,
Нібы ўсе — мая радня.

I бывае, выпадкова
Падасі хлапцу руку,
Хоць раней ты з ім ніколі
Не страчаўся на вяку.

I заўжды абавязкова
Ёсць знаёмыя у нас —
Ці то лекар, ці то повар,
Ці то ротны старшына,

Ці валдайскі край туманны,
Ці разбіты нейкі дот...
Год спатканняў нечаканых,
Сорак шосты мірны год!