Падмятальшчыцы

 

Зара дае заяўку на світанне,
Як хочацца свой сон дасніць, паспаць.
А ў гэты ранні час з мятлою танец
Жанчыны пачынаюць танцаваць.

Бялеюць фартухі. Як косы, свішчуць мётлы,
Матляецца на белых сценах цень,
Каб цокалася лёгка самым модным
Абцасікам дзявочым цэлы дзень.

Накідалі п'янчугі ці прыдуркі
Газет абрыўкі, шкло, шматкі праграм.
Падвязкі нечыя, з памадаю акуркі,
Лупінне апельсінаў каля брам.

Яны не лаюць нас, а ўсё мятуць бясконца,
Як сёстры міласэрныя зямлі.
Ім памагло закончыць працу сонца,
Вятры астаткі пылу замялі.

Хвала тварцам ракет і камбайнёрам,
Спартсменам, горнавым і маракам.
I вам, хто мые, як дзіця, наш горад,
I вашым добрым матчыным рукам.