Казалі, што старанны,
Ды так сабе паэт...
А ён глядзеў шторання,
Нібы дзіця, на свет.
Ваеннага рахіту
Нядужае дзіця,
Няздатны і не хітры
Між хітрага жыцця.
Нясмелы быў з начальствам,
Зусім не прабіўны.
Над кнігамі начамі
Праседжваў, дурны.
Часамі чуў: «няўдачнік»,
А дачай пагарджаў.
I кожны сыты дачнік
З дурнога аж іржаў.
Аднойчы ноччу жонкі
Ў кватэры не знайшоў...
Сам гатаваў тушонку,
Сам па кефір ішоў.
А тая за дацэнтам
Пышнела ды цвіла,
З пагардлівым акцэнтам
Аб «бездары» гула.
А ён хадзіў па вёсках
I нешта ўсё пісаў,
І бітваў адгалоскі
I праўду прыпасаў.
Гады чатыры біўся —
Раман пайшоў у друк.
Ад зайздрасці напіўся
Яго найлепшы друг...
Яна цішком чытала
Праўдзівы горкі том,
Жыццё сваё гартала
I плакала цішком.