Няма на свеце земляў непрыгожых.
Свой кожны хваліць край,
Як мы наш родны кут.
Я бачыў землі шчасця і пакут,
Іх лёс — іх шлях
Цяпер мяне трывожыць.
I сенегалкі часам сняцца мне —
Жанчыны, прыгажэйшыя на свеце...
Зноў мора Мінскага
Ўдыхаю прэсны вецер
I кожнай прыдарожнай рад сасне.
Нядзельны гул на пляжы.
На латках
I вінаград, і яблыкі, і слівы,
I сонечныя пенныя прылівы
Дакатваюцца да майго радка.
Гудкі мне параходныя чутны,
Павольна дзьмуць мясцовыя пасаты,
А на латку ў цяльняшках паласатых
Ляжаць, нібы матросы, кавуны.
Шляхі марскія ўспамінаць не грэх...
Ды што з прыбоем —
Не магу я ўцяміць:
Ён выплеснуў на бераг негрыцянак,
Іх станы гнуткія і белазубы смех.
— Адкуль вы, афрыканачкі,
З Дакара?
— Мы з Кубы ўсе,
У Мінску трэці год...
Найлепшая з усіх маіх прыгод
Вясёлай адплаціла сёння карай.
Прыхільны лёс да розных дзівакоў,
Ён адарае нас не толькі снамі...
I пралятаюць чайкі па-над намі
Кавалачкамі цёплых аблакоў.