Ну, вось табе твой бор, твой верас,
Пах багуну з лясных балот.
I ты яшчэ наіўна верыш,
Што ў лесе ўсё, як і было:
Зеленаватае свячэнне,
Смаліста-ягадны настой,
Пад дзеразой дымок вячэрні...
Твой бор стаіць,
I ты пастой.
Да дуба моўчкі прыхіліся
I паглядзі ў лясны ручай.
На дзень мінулы не маліся,
Усё спакойна прыкмячай:
Другія птушкі, дрэвы, травы,
Цябе не ведаюць яны.
Ідзі налева ці направа —
Не знойдзеш край сваёй вясны.
Цяжкая ноч твой бор накрые,
Схавае птушак у галлі...
I толькі тры сасны старыя
Цябе пазналі, загулі.