Такі прысуд: садам пустым рыдаць,
Вятрам спраўляць шалёнае ігрышча...
Ні зор, ні месяца. Адна глухая даль
На нечую пагібель дзіка свішча.
Цяпер сябры заснулі без трывог,
А я стаю самотны над вярбою,
Да поўначы хаджу паміж дарог,
Гляджу на захад з болем і журбою.
I хоць заходніх дальніх гарадоў
Не бачыў я і, пэўна, не пабачу,
Мне проста цяжка знаць пра гора ўдоў
I чуць, як дзеці ў гарадах тых плачуць.
Мне проста страшна думаць, што зямля
З грудзей сваіх страсае камяніцы;
I нечая бяздомная сям'я
Не ведае, ад смерці чым прыкрыцца.
Вы чуеце, як чорныя палі
Разгневаная хмара глуха хлешча?
Агню вайны дажджамі не заліць,
Хоць свет аб тым маланкай апавешчан.
Вятрам — сляды зарніцаў замятаць,
А мне — блукаць па золкай непагодзе.
Мне трэба ўсё і чуць, і памятаць,
I ў ярасці сказаць забойцам: «Годзе!»