Нешта пройдзена...

 

Нешта пройдзена,
Нешта знойдзена,
Прыгалублена,
Потым згублена.
А найлепшае не збываецца,
А найгоршае не забываецца.

I толькі родныя лясы
Знаходзяць нас ва ўсе часы.
I зоркі аганёк
Надзею шле здалёк
I абяцае шмат дарог,
Расчараванняў і трывог.

Ты толькі раз з дарогі збоч —
Паселіцца у сэрцы ноч.
Ад праўды раз адкруцішся —
Няпраўдаю атруцішся.

Трэ берагчы нам праўду слоў,
Як бор сваіх дзятлоў,
Як удава апошняе
Сваё дзіця...
I даражу я кожнаю
Расінкаю жыцця.