Не люблю я слова «пакарыцель»,
Не люблю я слова «ўладар»,
Вось зямля зялёная — бярыце
Для жыцця, і працы, і для мар.
Хто ўладарыць, той і ўдарыць раптам
На падзеі, па душы жывой.
Пакарэнне пахне трохі рабствам,
Карай, і рабункам, і крывёй.
Пакарыць хацелі нас,
I мукі
Спаленай Хатыні — не забыць.
Для людскога шчасця, для навукі
Хочацца і лётаць, і рабіць.
Сваякі Міклухі, а не Стэнлі,
Мы асвоім шмат і абжывём,
Пракладзём дарогі праз пустэльні,
Гнёзды салаўіныя саўём.
Пакарэнне — гэта не карэнне
Будучых прасветленых эпох.
Для стварэння лепшых пакаленняў
Трэба помніць гора ўсіх дарог.
Акіян і космас вывучайце
З добрым сэрцам,
А яшчэ прашу:
Пакідайце і буслу, і чайцы
Больш вады і неба на душу.