Я з мірным ранкам цябе вітаю,
Алжырскі край мой!
Тваю дачку я успамінаю
Па імю Найма.
У Ля-Гулеце, у Ля-Гулеце,
Туніскім порце,
Сіпела мора, гулялі дзеці
У янтарнай спёцы.
На лагер бежанцаў з Алжыра
Глядзеў я з болем.
I размаўлялі мы там аб міры
Пад шум прыбою.
Казалі горда яны, без плачу,
Што мір настане.
Нам давялося тады пабачыць
Алжырскі танец.
Віхрыўся бубен, струна звінела,
Стагнала дудка.
Ты на памосце зашалясцела
Галінкай гнуткай.
Трапеча кожная
На Найме жылка.
Нас растрывожыла
Ты ўсіх, алжырка.
Са страсцю, гумарам
Усё скачаш, скачаш,
А ноччу ў нумары
Ўсё плачаш, плачаш.
У гэты вечар арабскі танец
Мы палюбілі.
I мы і хвалі аж да світання
Ў далоні білі.
Падвезлі казку мы з Ля-Гулета
На цеплаходзе...
Гукаю з даляў: «Друг Найма, дзе ты
Сягоння ходзіш?»
Ляці, мой верш, да гор Атласкіх,
Глянь Найме ў вочы.
Калі ў іх шчасце убачыш — з ласкай
Крані званочак
На бубне Наймы.