А восень звоніць у звон свой медны,
I вецер трубіць у доўгі рог...
Ці ты выдатны, ці непрыкметны —
Падбі рахункі ў канцы дарог.
Я, пранізаны наскрозь вятрамі,
I непагодзе асенняй рад.
Іду паціху шляхам вяртання,
Дарогай болю, удач і страт.
Ні пахвальбою мяне не спояць,
Ні раўнадушша ўжо не саб’е...
Каму патрэбна сумная споведзь:
Жыцця другога ўжо не саўеш.
Цяпер і дзень мой такі кароткі,
Бяссоннай ночы няма канца...
Ці памаліцца, як нашы продкі:
«Ва імя сына... духа... айца...»
Што пакаянне і што маленне!
Натоўп не верыць у шчырасць слёз.
А на планеце ўсё менш сумлення,
А болей страху, хлусні, пагроз.
А на планеце ўсім па ракеце
З пякельнай смерцю... Вось і жыві!
Мы ўжо старыя. А дзеці, дзеці...
Няўжо ім попел, рэкі крыві?
Расплавіць атам золата зліткі,
I паляцім мы да чорных дзір.
Што падрахункі і што набыткі!
Адзіны выбар: вайна ці мір.
За акіянам загінуў розум
Альбо вар’яты яго змялі?
Малюся праўдзе, малюся росам,
Малюся сонцу, роднай зямлі.
I толькі вера ў сваю радзіму
Сцвярджае: будзе жыць род людзей!
Гляджу з надзеяй на свет наш дзіўны,
На сонца, травы і на дзяцей.