Начныя галасы

 

Сяджу ўсю ноч каля прыёмніка,
За гузік шар зямны кручу.
То свіст, то твіст, то пра біёніку...
Чаго шукаю?
Што хачу?

Зямля падзеямі аглушана:
Эпоха мае бас густы.
Мы словападам зацярушаны,
Як снегам цёмныя кусты.

Эпоха наша галасістая,
Бо кожны хоча прагучаць.
Каму свістаць, каму падсвістваць,
Каму крычаць, каму маўчаць.

Парыж мурлыкае і лашчыцца,
У Кёльне вые модны джаз.
Нашчадкі крыважэрных прашчураў
Клянуць з-за акіяна нас...

Бушуе ў моры шторм асенні,
А з Мурманска ў сцюдзёны змрок
Да марака на хісткі сейнер
Ляціць дзіцячы галасок:

«Цябе чакаем вельмі, татачка,
Хутчэй дадому прыплывай».
I сэрца радасна затахкала:
Жыві, марак, не памірай!

Кароткай хвалі я удзячны:
Жыццё не гасіць ліхтары,
I глушыць галасок дзіцячы
Нечалавечы злосны рык.