Постаць матулі сівой у акне,
Голас трывожны і горкі.
Часта пыталася маці ў мяне:
— Куды падзеліся зоркі?
Неба начное ў электратумане,
Дыхае горад смогам...
Ні табе печ распаліць уранні,
Ні памаліцца богу.
Рукі без працы цяжка насіць.
I адпачынак не ў радасць.
Ні добрае цеста на хлеб замясіць,
Ні пакапацца ў градах.
Ні пасядзець з суседкай на прызбе,
Ні падмесці зялёны дворык.
Адно тэлевізар спявае і трызніць
I наганятае змору.
Маці руплівай няма ўжо даўно,
Сам назіраю ў начное акно
I чую той голас горкі:
— Куды падзеліся зоркі?