На выстаўцы Аркадзя Пластава

 
Сягоння ля Манежа
Натоўп людзей густы...
Не думай
                аб манеры,
Не разважай
                     пра стыль.

Уся як ёсць Расія
Сюды
          да нас прыйшла:
Арала і касіла,
Спявала, галасіла,
Змагалася, жыла.

Тут свет,
               здаровы, росны,
У сіле спелых ніў,
У сенажацях, соснах
Мяне запаланіў.

Усё дайшло да сэрца:
Лясная цішыня,
Жанчына ў лазні сельскай
Зямная чысціня;

I грузавік, набіты
Людзьмі святочным днём;
I пастушок, забіты
Фашысцкім груганом.

Тут прастата і мудрасць,
Сялянскай працы пот,
Жыцця святло і мутнасць
I зморшчыны турбот.

З вачэй суровых, сініх
Дапытліва на нас
Глядзіць уся Расія
Праўдзіва,
                 без прыкрас.
 
Нам у душу ўлілося
Праз геній мастака
Жытнёвае калоссе,
Туман каля стаўка,

Прасторы даляў росных,
Зямлі сваёй пласты,
Сусвет, Радзіма, розум,
Жыцця настой густы.