На выгарах цёмных ваенных...

 

На выгарах цёмных ваенных,
На сонечных лядах
Б’е грэчка малочнаю пенай
У ельнік кашлаты.

Зямлі нашай белы настольнік,
Пчаліны заказнік.
I светлае поле настолькі,
Што й ноччу не гасне.

Яно адцвіце — і на свеце
Крыху пацямнее.
А потым снягі ўжо засвецяць,
Успыхнуць завеі...

Ды часам мядовым настоем
Вяртаецца лета,
I белы кужэльны настольнік,
Як грэчкі палетак.