На схіле веку

 

Цеснавата стала на зямлі.
Мы жывём цяпер на схіле веку.
Два тысячагоддзі, тры нулі
Падплываюць не па ціхіх рэках.

I такая ў свеце мітусня...
Балбатні не веру, хоць зарэжце,
Дзе жывая праўда, дзе хлусня,
Справядлівасць дзе — ледзь разбярэшся.

Дзе старая хітрасць, дзе прагрэс,
Дзе тут новы цуд, а дзе найноўшы...
Толькі грукат хуткасці — і стрэс,
Толькі ўсё цяжэй людская ношка.

Дзе там па-старому б’юць людзей,
Дзе катуюць на узроўні веку?
I няма прыпынку.
I радзей
Радасць ахінае чалавека.

Дзе знайсці без стронцыю і без
Хімікатаў трохі людскай ежы?
I шукаюць запаведны лес
Мудрыя асілкі з Белавежы.

Бруд вякоў і ліўням цяжка змыць...
Любім мы на саначках катацца.
Прагнуць свет машыны задыміць,
За усе вякі нагрукатацца.

На планеце ўсё ўжо ў нас было,
I ахвяры ўсе мы падлічылі.
Раптам новым болем загуло
Слова акрываўленае — Чылі.

Дык пастой, падумай, памаўчы:
Зло знікае цяжка і марудна...
I на схіле веку уначы
Б’юць званы трывожныя Нэруды.