Не жоўтыя клёны,
Не зоры мяне ўсхвалявалі, —
Чырвоныя хвалі,
Руінаў чырвоныя хвалі.
У цэнтры сталіцы
Ляжыць акіян анямелы,
I замець сняжынак,
Як пена, на ім накіпела...
З маленства — пагібель Пампеі,
Як азбука жаху.
Везувія злосцю шалёнай
Палохаў нас захад.
Цяпер нас не здзівіш
Пампеяй і гневам вулканаў:
На вуліцах мінскіх
Кіпелі жалеза і камень.
I мы не затым
Па руінах ішлі да Берліна,
Каб горад быў мёртвым.
Дайшлі — каб жыццё тут бурліла.
Бо гэткая наша зямля —
Быць мёртвай не хоча.
За домам адноўлены дом
Растуць днём і ноччу.
I, выклаўшы новы паверх,
Мы дзівімся самі:
Навокал муры устаюць
Чароўнымі снамі,
Якія мы снілі калісь
На досвітку шэрым
Ад Мінска за тысячу вёрст
У дымных траншэях.