На акіянскім лайнеры

 

Учора Атлантычны
Грымотаў нарабіў,
Са злосцю фанатычнай
У ілюмінатар біў.

Сівы, касматы, грозны
Кіпеў, шумеў, шыпеў.
I я на тэмы розныя
Паразважаць паспеў.

Нічога невядома,
Хоць думай давідна —
I колькі міль дадому,
I колькі міль да дна.

А сёння волат сонны —
Пабушаваў дарма.
Заліта добрым сонцам
Шырокая карма.

З Нью-Йорка ганарыстага,
Не баючыся бур,
Багатыя турысты
Плывуць у порт Шэрбур.

Да дробязей распісана
Адзенне, словы, тон.
Начышчаныя лысіны,
Какетлівы нейлон.

I бары і басейны
Ужо абрыдлі ім,
У горадзе на Сене
Гульнуць, аж пойдзе дым.

З вішнёвымі губамі
Дзяўчынка вунь ляціць.
То шыяй, то клубамі
Абруч пачне круціць.

Мордачка лісіная,
Худзенькі жываток.
Адна панчошка сіняя,
Другая, як жаўток.

А ты глядзі, не смейся —
Ім спорт гавайскі люб,
Во сам Ракфелер Нельсан
Круціць хула-хуп.

Ну што ж, яму, Ракфелеру,
Круціць не прывыкаць.
I не яму, а фермерам
На полі прамакаць...

Дзяўчынку носяць д'яблы
З каюты ды ў вагон.
Галінка з белай яблыні
Не просіцца ў агонь.

Дзяўчынку круцяць долары
I вучаць піць, курыць.
Бяздумная, вясёлая,
Згарыць яна, згарыць.

Ну й трапіў я ў кампанію
Тузоў і тузянят.
Глядзі на ўсё без панікі,
Часовы дыпламат...

I вустрыцы, і рабчыкі
Сцюарды ўжо нясуць,
I жабіныя лапачкі,
I з чарапахі суп.

Ты любіш боршч украінскі,
Аладкі, каўбасу,
Ды не ўдавайся ў крайнасці,
Жуй з толкам, не пасуй.

Насмешак не наклікаю:
Тут я — не проста я.
За мной стаіць вялікая
Радзіма ўся мая.

З прыстойнасцю пахвальнай
Гляджу на ўсё, маўчу.
Над нёманскімі хвалямі
Яшчэ парагачу.

Бо добра мне вядома —
Дарога ўся відна —
I колькі міль дадому,
I колькі міль да дна.