Мы, людзі,— дзіўныя стварэнні,
Сярод удач, турбот, абраз
Жывём у розных вымярэннях
Адначасова ў розны час.
Ніхто не верне рэк дзіцячых,
Яны даўно ў марах жывуць.
А я штодня іх чую, бачу:
Яны у памяці плывуць.
Святкуе светла перамогу
Мой незлапамятны парод.
А я па чорных тых дарогах
Усё іду, іду на ўсход.
Жыццё сказала нам, забудзьце
Пра боль, пра жорсткія часы.
Ды раптам схопяцца пачуцці,
I думкі счэпяцца, як псы.
Калі мы мерзлі, галадалі,
Каціліся ў імгле атак,
Няўжо мы гэтага чакалі?
Як быццам не, як быццам так.
Мяне нявер’е не скруціла,
Не пахіснула горды сцяг
Самаупэўненасць крэцінаў,
Настырнасць хітрая дзяляг.
I, не спакушаны маною,
Павінен ведаць цвёрда я:
I што за мной, і што са мною,
Як будзе жыць зямля мая.
I ўсё ж прызнацца мне не сумна,
Што між людзей я добрых жыў —
Адважных, мудрых, неразумных —
I, можа, сам не з горшых быў.