На Беразе Слановай Косці
У белым Абіджане
Мы, першыя з Расіі госці,
Два дні былі ў пашане.
Мы ездзілі ў гілеі,
Мы бачылі гарыл.
I гэтак загарэлі,
Што думалі — згарым...
Ад той спякоты вязкай
Схаваліся ў музей мы.
А там на сценах — маскі
Ва ўсёй красе туземнай.
I белыя, і чорныя
З чырвоным абадком.
Трагічных, страшных, чортавых,
Набіта іх бітком:
Абрадавых, таемных,
I новых, і старых.
Мне смешна і прыемна
Было глядзець на іх.
У масках тых вядзьмарскіх —
Наіўны жах дзяцей.
А я успомніў маскі
На тварах у людзей...
Я ведаю такіх,
Што ходзяць век у масках.
Злаба на сэрцы ў іх,
А носяць воблік ласкі.
Дзве маскі прада мной
На нечым твары тлустым:
То велічы тупой,
То ліпкага халуйства.
Насіў адзін ліхвяр
З душой крывой садыста
Спакутаваны твар,
Нібы са злом судзіўся.
Жывуць, нібы браты,
На дабрачынным твары
То маска дабраты,
То маска божай кары.
Я добра знаю тых,
Чый заліхвацкі рогат
Ператвараўся ўміг
У рогат скамарохаў...
Калі б сабраць усе
Мне маскі ды па жанрах,
Адкрыў бы я музей
На зайздрасць Абіджану.
А лепей збыць бы іх
Для аперэт і казак.
А лепш пісаць пра тых,
Хто век жыве без масак.