Як добра да восені тварам прыкласціся,
Пад ветрам хадзіць і паціху глядзець:
Стаіць васьмікласнік з малой васьмікласніцай,
Гадзіну, другую размову вядзе.
Махаюць часамі партфелямі пухлымі,
Аж брыкаюць формулы.
А шкаляры
Забылі пра дом
I што дома на кухнях
Даўно іх чакаюць дзве бабкі старых.
Хаджу я штодня тут любімаю сцежкаю
I думаю доўгія думы свае.
I не з насмешкаю,
Проста з усмешкаю
Глядзяць на мяне незнаёмцы мае.
Такія вясёлыя, добрыя, дружныя...
Я знаю, як гэту сустрэчу завуць.
Смяюцца ад радасці, велікадушныя,
I думаюць:
Сумна старыя жывуць.
Жывём мы,
Радзімай сваёй не забытыя.
А што мы, старыя, для іх, маладых?
Мы тыя, ваенныя, быццам забітыя...
I ўсё-такі рана шкадуюць старых.
Над хлопцам з дзяўчынай кляны разгараюцца.
Зайздрошчу? Ніколькі.
Сумую? Ледзь-ледзь...
А нам —
Маладосць, пэўна, не здагадаецца —
Да скону гарэць
I ніколі не тлець.