Мы раніцой адбілі гэту вёску. Па вуліцах струменіў сіні чад, А ўжо звінелі галасы дзяўчат У гушчары запыленага войска. Я малака гладыш са смакам выпіў І сеў на прызбе пад старою ліпай, Трымаючы малога хлапчука На дужых і ўпэўненых руках. Назад таму, здаецца, чвэртка веку I мне было таксама тры гады. Маленькім сінявокім чалавекам Каменьчыкі збіраў я ля вады. I я вось гэткім быў белагаловым. Такім? О, не! Такіх вачэй суровых, Дзе сталая туга, дзе боль і гнеў, У тры гады ніколі я не меў. Маё маленства! Душны пах чарэмхі, Арэхаў залатых даспелы град... Гукну: «я рад» — і стогалосым рэхам Пацвердзіць гай, што я сапраўды рад. Скажу: «хачу» — і кніга мне належыць. Скажу: «магу» — і сам будую дом. Маленства! Ты гарыш агнём начлежным, Ты школьным заліваешся званком. Ты заміраеш з вудай над ракою, Пра вандраванні сніш вясною сны. Гучыць пачаткам песні над табою Світальны голас труб берасцяных... Каб вырас я настойлівым, упартым, Радзіма, нахіліўшыся над партай, Цяжкому рамяству мяне вучыла — Тварыць і жыць. I кроў кіпела ў жылах, Настоеная густа на праменні, На водары гаёў, зарніц і траў. Нядарма для свайго я нараджэння Год дзевяцьсот семнаццаты абраў. Той год адгарадзіў мяне сцяной Ад слова «раб», ад свісту бізуноў, Ад бацькаўскіх нішчымніц, Ад апекі Усемагутнай медзяной капейкі. Плыла, плыла, як човен, праз сады Мая калыска ў сталыя гады... Ды годзе ўспамінаць! Замрыце, вершы! Я на руках Трымаю земляка, Народжанага ў годзе сорак першым. Ён нарадзіўся ў рабстве. Ён глядзеў Галоднымі вачмі, як вораг еў, Як вораг піў, як вораг рагатаў, Як нашы кнігі вылюдак таптаў. Не я яму, а ён раскажа мне Пра голад, пра бяссонніцу і гнеў. Я пана бачыў толькі на малюнках, Я бачыў у музеі ланцугі. А гэтаму малому каты рукі Для жарту заціскалі ў абцугі. Спалоханы, ён дзічыцца мяне, Глядзіць з дапытлівасцю хваравітай. А бацька дзе? А бацька на вайне Атручанаю куляю забіты. Ён не прывычны да мужчынскай ласкі — Ледзь цепліцца удзячная сляза. Мне сорамна яму чамусьці казку Пра зайца і мядзведзя расказаць. Не ён перада мной, а перад ім Сябе адчуў я хлапчуком малым... Але святлом даверлівасці вочы Яснеюць. I, здаецца, хлопчык хоча Сказаць: «Ты бацька мой. Прашу — вярні, вярні Мой першы дзень, мой першы крок нясмелы, Зары вясновай ціхія агні, Вярні калыску — каб матуля пела, I першай птушкі свіст, I першы бляск расы». I я кажу: «Усё вярну, мой сын!»