Пара снягоў і нудных
Прамоў. Прыйшла зіма.
А я такі ж няўклюдны,
Як ты, зіма, сама.
Ударныя дэкады,
Не ўсё ідзе на лад.
Адны клянуць нарады,
Другія ўсё падрад.
А я усё карпею
Над нейкаю страфой.
Птушыная капэла
Заціхла пад страхой.
Сказаў не вельмі ўдала:
Няма страхі, няма.
Згубілася у далях
Дзіцячая зіма.
I ўсё-ткі засталіся
I ластаўкі з тых пор,
I сад, і сонца ў лісці,
I беласнежны бор,
I колер хмар і грому,
I пах баравікоў,
I яблыкі ў саломе,
I слодыч кіяхоў.
Мне сёння ўспомніць трэба
Цябе, сухі праснак;
Гуркоў, цыбулі, хлеба
Непараўнаны смак.
Маленства, ты не збегла
У край туманных сноў.
Знікае ўся адлегласць —
Я ў роднай вёсцы зноў.
I хоць малы ты ўласнік,
А подсвінка пакінь.
Пазней у курнай лазні
Пракопціш кумпякі.
Развесь іх на гарышчы
Ля венікаў радком,
Затым чакай ігрышчаў
Пад бубнаў звон і гром.
А дзе маё гарышча?
Наш дом цяпер з гару,
Пад дахам вецер свішча
У слотную пару.
І борам металічным —
Антэнаў стаякі.
Прапісаны ў сталічных
Кватэрах сваякі.
I ўсё ж маё гарышча
Заўжды было са мной —
На горкіх папялішчах
I лепшаю парой.
I там, за акіянам,
Забыць яго не мог...
Я чуў твой пах духмяны,
Ядлоўцавы дымок.