К богу ўсе праекты і машыны!
Сонца чарнаморскае гарыць.
Трацяць розум тоўстыя мужчыны,
Вершам пачынаюць гаварыць.
Шэлест пальмы крышачку бляшаны,
Ды затое хвацкая вада.
Дзякуй прафсаюзу за пашану:
На пуцёўкі сонца даў дык даў.
Сонца з намі ладзіць, як з пасламі
Больш халаднаватай стараны.
Пазнаюць сябры сяброў па шрамах —
Агнявых аўтографах вайны.
Вось ляжаць на санцапёку двое.
Хто яны? Не знаю. Галышы.
I пад шум лянівага прыбою
Нешта ўспамінаюць ад душы:
— Помніш абгарэлыя шпакоўні?
— Помніш: ты за кашай задрамаў?
— Помніш: нейкі лысы падпалкоўнік
Нас па стойцы «смірна» век трымаў.
Успаміны іх усхвалявалі.
Б'юць нырца. Хай мора асвяжыць.
I сябрамі ўздыбленая хваля
Да партоў турэцкіх дабяжыць.