Лётчыкам «Нармандыі»

 

Ні адной краінай так не трызніў,
Як табою, Францыя.
Парыж,
Весялосцю вуліц сваіх блісні!
Што маўчыш, агнямі не гарыш?

Пруцца танкі... Дзьме з Ла-Маншу вецер.
Вёскі у Нармандыі гараць.
Мне здаецца, і ў Ліёне дзецям,
Як і нашым, горка паміраць.

Мне здаецца, і ў Марселі ўдовы
Плачуць, як і нашы, над труной,
Францыя, кулак свой шматпудовы
Узнімі над прускай галавой.

Грукні ў бубны дахаў Марсельезай!
Разбівай Бастылію! Трубі!
Іменем Рэспублікі — жалезам
Па нахабных мордах смела бі!

Здрадзілі. Прадалі. Падлажылі
Самую прыгожую пад танк.
Накруцілі трапяткія жылы
На штыкі раз'юшаных атак...

Думаў, што надоўга разлучылі,
Думаў: не пабачыўшы памру,
Прыляцела ў Беларусь на крыллях
Францыя у жорсткую нару.

Каб хутчэй Шампань з магілы ўстала,
Вёў над Оршай баявы атрад,
Блаславёны дымам і металам,
Незнаёмы мне французскі брат.

I калі пад Мінскам чорных асаў
Ён збіваў — я помсціў за Парыж.
З гэтага праслаўленага часу,
З гэтае трывожнае пары,
Францыя, ты стала мне сястрою
I братамі — лётчыкі-героі.

Лётчыкі «Нармандыі»!
На хвілю
Станем каля Нёмна над вярбой.
За зямлю, якую мы любілі,
За зямлю, якую мы адбілі,
За Бізэ, Купалу і Рэмбо;

За аршанскіх нашых партызанак
I за нашу Жанну з Арлеана,
За Дняпро, Луару, Сену, Прыпяць —
Прапаную з фляг паходных выпіць.

Рады я: сяброў у нас не меней,
Чым у сонца залатых праменняў —
Ёсць з кім і дружыць, і піраваць.
Сёння я гатоў ад захаплення
Трыста гарадоў расцалаваць.

Я прайду з вінтоўкай рэкі, горы,
Братнім землям чэсна паслужу
I, відаць, за незнаёмы горад
Галаву ад радасці злажу.