Яшчэ ён не пусты,
Наш куфар старажытны.
Цвіце ў ім лён густы
I каласіцца жыта.
У куфры тым ляжаць
З ільну і кветак скарбы.
Лясы і сенажаць
Далі свае ім фарбы.
Мастак адзін рашыў
Зарысаваць узоры.
Дзяўчат разварушыў,
А ім чамусьці сорам.
Прасіў падзвіжнік той
Іх — у імя мастацтва —
З нейлонавай красой
На вечар развітацца.
А хлопцаў вон хутчэй!
Няхай ля ганка мокнуць.
Ад хітрых іх вачэй
Завесілі ўсе вокны.
А фарбы аж пяюць!
Пахарашэла хата.
На прыгажосць сваю
Дзівуюцца дзяўчаты.
А ў полі вярба...
Што ні убор — то песня,
Каханне і журба,
Дзявочае прадвесне.
А бедны ж быў народ,
I людзі гаравалі,
I труны кожны год
На ручніках спускалі.
А тут жа кожны штрых —
Не з нітак, а з праменняў:
Фантазія майстрых,
Людскія летуценні.
Абрусы, ручнікі
I посцілкі — надзіва.
Любоў, жыццё, вякі
I ўся мая радзіма...
Не буду варажыць
Аб густах і жаданнях.
Я знаю: скарб ляжыць
У куфрах старадаўніх.