Краса і цуд зямлі — Васіль Блажэнны...

 

Краса і цуд зямлі — Васіль Блажэнны,
Паклон зямны табе ўсе дрэвы б’юць.
А ў нас дамы ірвуцца да бліжэйшых
Сузор’яў,
Аж на дыбачкі ўстаюць.

I ўсё ж да зорак, як раней, далёка,
А да зямлі нагою не дастаць.
I вецер з-пад машын уцёк з палёгкай
I ў фортачкі гучней пачаў свістаць.

Шкада травы і дрэў —
Не часта кажам:
Мы ўсе ў палоне просценькай маны —
Развешваем нікчэмныя пейзажы
I з кветкамі купляем дываны.

I як бы нас туга там ні сціскала —
Мы абжывём захмарныя вуглы.
А некалі ў гіганцкіх батыскафах
Мы спусцімся яшчэ ў марскую глыб...

А покуль узлятайце ў ліфтах, госці,
I кветкі на пятнаццаты узносьце.