Добра ведаюць усе амаль з маленства,
Што паэтаў нараджаюць пад Смаленскам,
Ля падножжа Арарата і ў Сібіры
I на землях Руставелі і Сабіра,
Над Дняпром, дзе нешта п'юць з пякучым перцам,
I на Балтыцы, дзе людзі з мужным сэрцам.
Часам іх знаходзяць у Разані,
А яшчэ жывуць паэты ў Дагестане...
Ёсць яшчэ адзін куточак запаветны,
Дзе растуць, нібы грыбы, здаўна паэты.
Там зязюлямі завуцца ўсе кукушкі,
Гэтым краем з Кішынёва охаў Пушкін.
Там прыгонных шмат паэтаў замарылі,
Там Міцкевіч закахаўся у Марылю.
I Тарас у Пецярбург ішоў праз слёзы,
На яго шляху журыліся бярозы...
З той пары там песняроў — нібыта маку,
Аж статыстыка дае ў падліках маху.
Край чаромхі і чабору, край прасторны,
Дзе і крытыкі вядуць сябе прыстойна.
Там маланкі аб дубы ламаюць коп'і,
Выдаўцы там не бяруць у рот ні кроплі.
Смела дзятлы пішуць вершы на бяросце,
Не вылазяць з-за стала па тыдню госці,
Бо у возеры вугры,
А стронга у рэчцы.
Там машыны з канюшынай не у спрэчцы;
I з барамі ўсе заводы добра дружаць;
I салдат на службе служыць, а не тужыць,
Бо красуня перад ім не задаецца...
Там зубрыная гарэлка прадаецца,
А частуюць там гасцей баравікамі.
Самагонку п'юць паціху толькі самі.
Там чарнічныя ўсе ночы,
Сунічныя ранкі,
Там народ найболей любіць вершы Янкі.
Там дзяўчаты носяць белыя панчошкі,
Сто разоў цалуюць там і яшчэ трошкі.
Дзе ж той край залатакосы, край зялёны —
Рык ласіны,
Звон пчаліны,
Мора лёну?
Там, дзе Свіцязь, там, дзе Прыпяць і Ясёльда,
Дзе танцуюць пад цымбалы на вяселлях;
Дзе жанчына, сінявокая і ласкавая,
Звонка чаравічкамі паляскавала.