Кіеву

 

Дзень добры, Кіеў, непаўторны Кіеў!
Я палюбіў твой воблік з даўніх дзён.
І вось ізноў таполі трапяткія
Па-нада мной рассыпалі свой звон.

Яшчэ ў Дняпры мігцелі ціха зоркі,
Дымок ледзь-ледзь бруіўся ад вады,
Я з вышыні Ўладзімірскае горкі
Зноў аглядаў праспекты і сады.

І сэрца нешта сціснула да болю:
Сустрэўся, Кіеў, сёння я з табою
Пасля разлукі доўгай і цяжкой,
Таму і стаў радней мне воблік твой.

А мо таму, што у зямлянцы цеснай
Мне з Кіева таварыш ціха пеў
Пра ведарэчка песню. Гэтай песні
Я падпяваў, хоць голасу не меў.

Тады адзін другога сагравалі
I дружбай, і ўспамінам.
А калі
Цішэй было на фронце, — гаравалі
Аб нашай запалоненай зямлі.

Даўно разбіты вораг.
Нават каскі
Чужынцаў
Засмактаў дняпроўскі іл...
Хаджу я на світанні, як па казцы,
Па горадзе, і кожны дом мне міл.

Радзее змрок.
Зара плыве на Кіеў.
I ў гэтай урачыстай цішыні
Палаюць купал залаты Сафіі
I коннік па уздыбленым кані.

А ўжо шуміць Крашчацік.
У праменні
Купаюцца высотныя муры,
I кідаюць карункавыя цені
Каштаны ва уцеху дзетвары.

Мне люба гэта ўсё, ды не зайздрошчу
Я шчасцю кіяўлян.
Я проста рад
Хадзіць і любавацца кожнай плошчай,
Як Мінску рад мой украінскі брат.

Адна дарога ў нас і лёс адзіны,
I злучаны мы дружбаю навек,
Як злучаны Расія, Украіна
I Беларусь галлём дняпроўскіх рэк.