Кажуць: «Калі б давялося спачатку...

 

Кажуць: «Калі б давялося спачатку
Дарогу сваю прайсці — прайду».
А я не хачу зноў у курную хатку,
У цемру былую, бяду і нуду.

А я не хачу вяртацца да зрэб’я,
Да дзён лапцюжных, ваўчыных начэй.
Хачу быць радзіме сягоння патрэбным
I не збягу туды, дзе лягчэй.

Не нудны прарок я і не прапаведнік...
Ды сэрца трывожна гудзе: «Не маўчы».
Зямля наша — самы святы запаведнік, —
I трэба, як маці, яе берагчы.