Капайце у сэрцы маім магілу...

 

Капайце у сэрцы маім магілу,
Нібы пад зялёнай ракітай...
З цябе насмяяўся няверны мілы?
Боль свой на донца кідай.

Таварыш, пячэ цябе горкая крыўда,
Точыць туга твае грудзі?
Для крыўдаў усіх маё сэрца адкрыта, —
Зносьце хутчэй іх, людзі!

Мучаць цябе, брат, старыя раны,
Ляжыш ты, да ложка прыкуты?
Я закапаю ў сэрцы старанна
Цяжкія твае пакуты.

А на цябе, друг,
Паклёпнік вые?
Прывозь свае беды на тачцы...
Не хочуць толькі матулі сівыя
З горам сваім расстацца.

Сыноў ім не вернеш, не дапаможаш...
Астатняе — сэрца змесціць.
I ты, мой малы, свае першыя можаш
Дробныя слёзы прынесці.

Вы рана задумаліся аб смерці,
Няўдачнікі і калекі.
Я вашае гора зарыю ў сэрца
I знікну адгэтуль навекі.

Хай жонка і дзеці не перажываюць,
Мне цяжка, ды радасна будзе:
Ёсць горад на свеце, дзе пражываюць
Толькі шчаслівыя людзі.