I няма каго нам папракаць — Быт стары эпоха раздрабіла. Развучыліся мы коней запрагаць, Не адрознім панарад ад біла. Мы з нагі не збіліся нідзе, I не нам за старызну чапляцца. Толькі трутняў шмат яшчэ гудзе Над зямлёй людзей, над нашай працай. Бо, «з другога боку, ёсць у нас», — Гэта я казаў ці вы казалі? Мы хавалі ўласніцтва не раз, А яно ізноўку выпаўзае. Людзі робяць, як ва ўсе часы, А другія век жывуць улегцы. Ім бы толькі славу для красы, Ім бы за стырно ды ў рукі лейцы. Нахапаць паболей барахла, Лепш пажыць, смачней папіць, паесці, Пакадзіць начальству, З-за вугла Друга аглушыць, Вышэй пралезці. Спрытны чмут не любіць сеяць, жаць, Ён на хлебным месцы прымасціўся I лагодна можа разважаць I пра «Песняроў» і пра Маціса. Стараваты сыты галасок, Ён наскрозь фальшывы і ілжывы. Яго поіць не з бярозы сок — Прагнасць, бессардэчнасць і нажыва. «Я табе, ты мне — яго закон, — Гні сяброў і гніся сам, дзе трэба, Ды трымай язык свой пад замком I не вер сябрам, зямлі і небу...» Хочацца пра іншае пісаць, Ды занепакоены я шчыра, Што няма каго нам папракаць I смяюцца трутні над сатырай.