Грызе усіх нас нецярплівасць...

 
Грызе усіх нас нецярплівасць:
Хутчэй бы той чаканы век,
Дзе б жыў,
                 рабіў і быў шчаслівы
Сумленны кожны чалавек.

Здаецца,
              вырвалі карэнне,
Няма ў мінулае шляхоў.
Ды бачым зноўку паўтарэнне
Усіх запыленых грахоў:

Злабы і зайздрасці успышкі,
Нахабнасць лютую хапуг,
I самагонныя адрыжкі,
I кар’ерызму рабскі дух.

Усё змяняецца з узростам,
А нейкі кут яшчэ глухі...
Ах, як няпроста,
                            як няпроста
Адскрэбці плямы і грахі.

I з пакалення ў пакаленне
Яно пакутліва ідзе —
Да працы добрай прылучэнне,
Ачалавечванне людзей.