Гнеў і літасць

 

Дабрадушны я
Альбо сярдзіты,
Весела бывае
Ці нявесела —
Я штодня
Мяняю гнеў на літасць, —
То маё прызванне
I прафесія.

Пакаўзнецца
Нехта незнарок,
Наламае дроў
З малога розуму,
Будзе хай урок,
А не курок,
I не трэба
Прыгавору грознага.

Прагнасць,
Зайздрасць
Ненавісны мне,
Колькі імі
Душ людскіх знявечана.
Я змякчу прысуд,
Калі на дне
Нешта засталося чалавечае.

П’янае дзікунства
I паклёп,
Гвалтаванне,
Цёмнае грабежніцтва,
Падхалімства подлае
Узахлёб —
Ім заўсёды
Кара непазбежная.