З маленькаю латкай і локцем працёртым
Вісіць у кутку на цвіку гімнасцёрка —
Мая франтавая рэліквія.
З табой мы зазналі нямала нягодаў:
У дождж і завею — паходы, паходы,
Сутычкі і бітвы вялікія.
З бавоўны звычайнай, звычайна пашыта.
Чаму ж гэтак цёпла было мне, скажы ты?
«Расла і цвіла я на родных палетках
I шчодра паіла сцябліны і кветкі
Гарачае сонца Радзімы».
Хрыпела зямля, задыхаліся зоры.
Праз пекла прайшоў я і выжыў, а вораг
Засыпаны жвірам.
«Калі мяне пралі, калі мяне ткалі,
Дзяўчаты спявалі, ад сэрца жадалі,
Каб ты перамог
I з вялікіх дарог
Вярнуўся жывы і здаровы».
Я быў за мяжою, я рознае бачыў:
Багацце і гора, паноў і жабрачак.
Ды толькі заўсёды і ўсюды тужыў я
Па родных нябёсах, нашто мне чужыя!
Аддаў бы я край самы райскі і дзіўны
За цень ад сасны на далёкай Радзіме.
«Чыясьці матуля па сыне тужыла,
Калі апаўночы мяне яна шыла,
Слязой апаліла, цябе блаславіла
На вернасць».