Гуляюць дзеці каля возера,
А неба з сонцам — у вадзе.
Дзяцей шматвопытныя позіркі
Заваражыў пагодны дзень.
Яны прыехалі ўсе з горада
I ўпершыню пад птушак спеў
Накінуліся, нібы з голаду,
На дзіўны свет і траў і дрэў.
Тут столькі нечаканай радасці:
Расінка — сіні аганёк,
Асколачкам вясновай радугі
На сонцы блісне акунёк.
Па-над гладышыкамі лотаці,
Над жоўтым кветкавым кастром —
Стракозы, быццам верталёцікі:
Ім кожны ліст — аэрадром.
Вось дзьмухне вецер — і вяршаліны
Асін паціху закіпяць...
Ляснік з суседняе імшарыны
Сюды каня прывёў купаць.
I захапленне плешча голасна:
Якая грыва, патрымай!
Праехацца б, ды крыху боязна:
Табе, брат, гэта не трамвай.
Як гэткі конь імчаў Будзённага!
Як бліскаў срэбраны клінок!..
Ім тэлевізар — абыдзёншчына,
Прасцей глытка вады — кіно.
Амаль з калыскі дакранаецца
Да цудаў веку гэты люд.
А век не мае часу раіцца.
Дзе сёння цуд, а дзе не цуд.
А мы раслі пад песні жніўныя,
З бярозавіку пілі квас.
I першы трактар — дзіва дзіўнае
На ўсё жыццё уразіў нас.
Я не збянтэжан той адноснасцю,
Змяшчэннем поглядаў і дзіў.
Адно хачу, каб сіняй роснасцю
Наш добры век часцей хадзіў.
Быць гэтым дзецям у палёце!
I ў цішыні касмічных трас
Стракозы, быццам верталёцікі,
Ім прыгадаюцца не раз.