Дождж ізноў...

 

Дождж ізноў...
Якія лекі
Мне знайсці, каб сон прыйшоў?
Найвялікшая за лета
Ссыпка сіняя дажджоў.

Думкі змрочныя ад стомы:
Ну, зраблю яшчэ віраж,
А пасля цішком, без грому
Спішуць годы у тыраж.

Я аддам усё, што маю,
Буду голы, як Адам.
Толькі слёзы прыхаваю,
Толькі гора не аддам.

Што яшчэ мяне сустрэне? —
Я пытаюся радзей.
Сноў варушацца карэнні —
Прарастаю ў новы дзень.