Дом творчасці

 

Не на узрыхленай дзялянцы,
Не на курорце распісным —
Пішу на сонечнай палянцы
У доме творчасці лясным.

Жыву у цэнтры шчабятання
Мільёнаў птушак на зары,
Сярод будзённых прывітанняў
I сапылятай дзетвары,

Між добрых баб,
Крыху занудных
У дні залётных халадоў;
Паміж старых яўрэяў мудрых,
Паміж затурканых удоў.

Блукаю па ласіных сцежках,
З трыма сабакамі дружу.
У бранірованых адзежах
Садзіцца на паперу жук.

Тут хіпаватыя ялінкі
На мох страсаюць росны звон.
Падсоўвае транзістар Глінку,
А дзеці ў крык:
— Няхай Кабзон!

Альбо Вуячыч ці Ратару.
Не супярэчу. Сам люблю.
Праз соснаў чуйныя радары
Навіны лесу ўсе лаўлю.

Я не ідылію шукаю,
I тут, паміж дубоў і хвой,
Жыццё з усіх бакоў гукае
I выклікае неспакой.

Калі ж размякну я ад шчасця,
Пісаць пачну пра ціш ды ноч,
Рабіна нахлусіць не дасць мне,
Сучком пастукае ў акно.