Я ў мястэчку ціхім рос,
Далёка ад бога.
Хаты, хаты, хаткі скрозь,
А дамоў нямнога.
Дом РК і РВК —
Ён свяціўся ўвечары.
Дом пана, дом разніка,
Дом старога фельчара.
Жыў я ў хаце, як і ўсе,
Мне было ў ёй добра.
Дзякуй бацькавай страсе
I акенцам дробным.
Падраслі і збеглі мы
У свет велізарны.
I пайшлі, пайшлі дамы —
Інтэрнат, казарма...
Адгула вайна.
Ляжаў
Горад мой разбураны,
Толькі мне пакойчык даў,
Порахам абкураны.
Весела я запасаў
I ваду, і дровы
I распальваў грубку сам
У мароз суровы.
Пачынае дзень цямнець —
Сам гатую есці.
Не было прыемней мне —
Каля грубкі сесці
З добрым другам франтавым
I пачаць гаворку
I аб гэтым, і аб тым,
Ну і выпіць горкай...
Так і не прыкмеціў, як
Маладосць прабегла.
Спіна горбіцца мая,
Сівізна налегла.
Ад пісання — мазалі,
Стаў крыху вядомым.
І кватэру мне далі
У новым добрым доме.
Дом ступеньчаты такі,
Быццам дыяграма.
Дом рабілі мастакі:
На паўнеба рама.
Ёсць утульнасць і спакой,
Сонца — кожны ранак...
Толькі сніцца мне пакой
У дамку драўляным.
Сесці б вечарам ізноў
Ля гарачай грубкі,
Закруціць бы зноў любоў
З маладзенькай любкай.
З другам добрым, франтавым
Выпіць, павячэраць
I пабыць у доме тым
Маладым яшчэ раз.