Даспяванне

 

Закончан сход. Яшчэ трывожыць слых
Апошняга прамоўцы гучны выраз,
А перад намі сад вячэрні вырас,
Дзе зоркі сыплюцца з каштанаў маладых.

Узбуджаны гарачынёю спрэчак,
Я да лагоднай цішыні ледзь звык,
А ты сказала мне: «Глядзі, як маладзік
Нырнуў у лісце роснае парэчак».

Я глянуў і уражаны замоўк, —
Нікчэмнасць дробязей мне зразумелай стала.
Зямля тамілася, а ноч над ёй спявала.
Я слухаў музыку — наслухацца не мог.

I ўпершыню адчуў я хваляванне,
Калі сустрэў дапытлівы твой погляд.
Ад смагі раптам вусны перасохлі...
А вішні трызнілі ў таемным даспяванні.