Даруйце бацькам, што жадаюць сваім...

 

Даруйце бацькам, што жадаюць сваім
Нашчадкам многа багацця:
Жылося вайною так голадна ім
Без хлеба і солі ў хаце.

Даруйце настаўнікам, што ў юнаках
Захоплена таленты бачаць:
Іх талент уласны згарэў у баях,
I позна жыццё перайначыць...

Ды нельга наследнікам тым дараваць,
Што толькі ўзаб’юцца на горку —
Забудуць рублі ды і пісьмы паслаць
Дадому,
Дзе сумна і горка.

I таленты, знаць, небяспечна хваліць,
Якія на прыступцы першай
Забылі настаўнікаў.
Ім не баліць:
На ўласныя моляцца вершы.