Петрусю Броўку 1 Ад ціхай Прыпяці, ад Сожа Мы па Дняпры плылі не раз Да Днепрагэса, Запарожжа; Не раз адведалі Данбас. I нам да самай дробнай рыскі Знаёмым, родным Кіеў стаў, Дзе сам Максім Тадэіч Рыльскі Нам вершы дзіўныя чытаў; Дзе песні звонкія Малышкі Краналі шчырасцю сваёй; Дзе нам сябры дарылі кніжкі, Што пахлі стэпам і вясной. I мы ўжо думалі, што знаем Зямлю цудоўную братоў, Пакуль не ўстаў за небакраем З высокім імем горад Львоў. Здзівіў ён нас красою строгай, Кіпеннем паркаў і садоў. Тут крыжаваліся дарогі, Тут бачна шмат чужых слядоў. Яго ірвалі злосным біўнем I польскі пан і Ватыкан, Вось тут загінуў незабыўны Наш мужны друг, наш брат Галан... Ажыў у сэрцы з новай сілай Бяссмертных вершаў гнеўны жар, Калі прыйшлі мы да магілы, Дзе спіць вялікі камяняр. I не маглі мы не праехаць Туды, дзе нарадзіўся ён; Дзе і па сёння носіць рэха Ягоны голас, нібы звон. Навек Франка злілася слава, Агонь нягаснучых радкоў З рабочай славай Барыслава, Са светлым лёсам землякоў. I на яго святой сядзібе, Дзе час аб ім легенды звіў, Пяць груш і яблынь пасадзілі Мы ў гонар дружбы і любві. I пастаялі ў задуменні, І пажадалі без прамоў, Каб прырасло мацней карэнне, Як наша прырасла любоў Да гэтых ніў, да гэтай хаты, Дзе мы ў гасцях з табой былі, Да вольных сонечных Карпатаў, Да украінскае зямлі. 2 За Стрыем хмары на горы леглі, У Закарпацце дарога бегла. Пад хмары бегла, круціла петлі, Туман курыўся з цяснін няветлых. Наўкол смугою лясы спавіты, Чуцён здалёку напеў трэмбіты. На перавале кастры гарэлі, Нас хлебам-соллю браты сустрэлі. Браты, што многа спазналі гора, Што вызвалялі з няволі горы. Нас частавалі шчыра, ад сэрца, Печанай бульбай з брынзай і перцам. О, Верхавіна, свеце мой мілы, Маё ты сэрца запаланіла. У палон забрала, зачаравала У сініх горах на перавалах. А ў Закарпацці гуляла сонца, Сок вінаградны цёк на старонцы. Ён цёк, гарачы, і ў нашых жылах, I мы спявалі: свеце мой мілы! Якія сэрцы, якія людзі! Тут раз пабудзеш — век не забудзеш. Сякуць хваіны — аж ходзіць рэха, Плыты ганяюць па быстрых рэках. А на далінах пшаніцу сеюць... Карпаты ў далях для ўсіх сінеюць. На Верхавіне і ў Закарпацці У кожнай хаце цяпер багацце. Хто ходзіць сумны з душой іржавай, — Паедзь, паслухай песні Іршавы. Адразу знікне настрой паганы, Як заспяваюць чатыры Галі... У снах так часта цяпер я бачу Адной гуцулкі пагляд гарачы; Карыя вочы, сінія горы, Быстрыя рэкі, ясныя зоры.