Ад наіўнасці бязмернай
У трыццатыя гады
Мы пісалі ўсе пра вернасць,
Пра каханне ды сады.
А жыццё — настаўнік строгі —
Праз пажары павяло,
Абвіло мяне дарогай,
Сэрца болем наліло.
I ў бязлітаснасці гэтай
З горкім прысмакам рабін
Ёсць закон галоўны свету:
Лепш рабі, мацней любі.
Нашы доўгія дарогі...
Сам сябе не раз пытаў:
Ці далучаны хоць трохі
Да людскіх вялікіх спраў?
На дарогах людзі, людзі...
Там касцёл, а тут мячэць...
Сэрца ў грукаце і гудзе
Пачало крыху мякчэць.
Легла ўсё да сэрца блізка:
Колас буйны і тугі,
I усмешка, і калыска,
I асеннія стагі.
Свет мой добры, свет вар’яцкі,
З новай сілай прагну жыць.
Толькі б сонца, толькі б праца,
Толькі б слухаць капяжы...
Старасць — не замілаванне,
Не чуллівая сляза.
Падступае хваляванне
К сэрцу вастрынёй ляза.
Нас не скруціць боль і роспач:
Кожны жыў з нас за траіх.
Я гляджу на хлопцаў рослых,
Што чакае заўтра іх?
Будзь, зямля, ім маці добрай!
Веру: з гэтых хлапчукоў
Многа вырасце падобных
Да сяброў-франтавікоў.