Максіму Танку Па наіўнай і смешнай звычцы Мы сябе юнакамі лічым. Лічым мы сябе юнакамі, А цяжкія лічбы гадоў Пераспелымі жалудамі Ападаюць са стукам на дол. Колькі, дружа, табе — за трыццаць? Мне прагрукала дваццаць сем. Самы раз бы цяпер пахваліцца Добрым пудам салідных паэм. Ды паэм напісаў я нямнога. Пэўна, лёс мне гэтак судзіў — Не па рыфмах, а па дарогах У паходных калонах хадзіць. Не з адным я пагутарыў горадам, Сёл, дарог і вятроў не злічыць, Я свой лёс і надзеі гордыя З лёсам арміі нашай злучыў. Запытай паравоз, што з Асташкава На Калінінскі фронт мяне вёз. Пра бамбёжкі, пра страты цяжкія Той раскажа табе паравоз. Запытай у блакітнага Ільменя, Як мы спалі на снезе пад мінамі. Праўды горкае не заслоніць Пра галодныя дні мае Слонім, А пра кулі — гомельскі лес, А пра дым і агонь — Смаленск. Каля рэек сталёвых я стану Ці паклічу праз мачты лясоў, — Адгукнуцца далёкія станцыі Мільёнамі галасоў. Толькі гляну удалеч — і пырскамі Дзьмухне вецер у твар малады Чарнаморскай, і каспійскай, I балтыйскай салёнай вады. Толькі ў памяці крыху парыюся, — Зашумяць між маіх радкоў Тэгеранскія кіпарысы З завушніцамі маладзікоў. Хоць няма ні часіны спакою нам — Гул вайны на зямлі не сціх, — Гэта шчасце: Сумленным воінам Па зялёнай планеце ісці. А з паходу дадому вярнуся, — Пра сваіх гераічных сяброў, Пра сузор'е зямных гарадоў Раскажу дарагой Беларусі. А далей — сівізна ляжа дымам, Нас ад старасці будуць лячыць. Што ж тады? А сябе і тады мы Юнакамі будзем лічыць.