А час па грыбы мне хадзіць не прыйшоў,
Я веру праніклівай сойцы.
У бор я пайду пасля першых дажджоў,
Што высушыць зыркае сонца.
А покуль прысядзем на шэры валун,
Падумаем аб галоўным.
Забудзем няўдачы, забудзем хвалу
I плюнем на высакамоўнасць...
Вясковым настаўнікам некалі быў,
Вучыў, павучаў і выхоўваў;
Свавольнікаў вучняў ты вельмі любіў,
Ды толькі вучыў павярхоўна.
Самаўпэўненая маладосць,
Наіўнае глупства ўсязнайства.
Што мудрасць народа вышэйшая ёсць,
Крыху пазнавата спазнаў ты.
Ён ведае ўсё, і ён бачыць наскрозь,
Ацэніць, ці варты чаго ты.
А праца — жыцця найгалоўная вось,
Давай справаздачу за годы!
Зрабіўся відушчым ты толькі цяпер:
Нам век не вучыць, а вучыцца;
Рабіць, памыляцца, ўзнімацца, цярпець,
Вучыцца ў бабра і ваўчыцы;
Нястомнасці вочнай — у мураша,
Зімовай трываласці ў дрэва...
Замоўкні ты ныць, трапяткая душа.
Табе адпачынку не трэба.