Бывала: вяртаешся з лесу ў маленстве...

 

Бывала: вяртаешся з лесу ў маленстве,
А сонца зайшло, і туман па нізінах.
I раптам здаецца, што сцішаны лес той
Суровым паглядам глядзіць табе ў спіну.

I страх азірнуцца, але азірнуся,
Затоена ўсё, ды нікога не бачу.
Дадому спалоханы трошкі вярнуўся,
Але не прызнаюся і не заплачу...

Цяпер за сталом у бяссонныя ночы
Мяне ахінае часамі трывога.
I спіну свідруюць суровыя вочы,
А як азірнуся — нікога, нікога.