Было ўсё неба пада мною...

 

Было ўсё неба пада мною,
А пада мною ўся зямля.
Жыццё нялёгкае, зямное
Я знаю зблізку, не здаля.

I шлях цяжкі мне быў пад сілу,
Хоць ён з выбоін і канаў, —
Па ўсёй зямлі мяне насіла
Жыццё,
I стомы я не знаў.

I думаў я, што будуць вечна
Высокі дзень, і пругкі крок,
I песні тыя, і надрэчны
З аерным пахам вецярок,

I найдрабнейшыя праявы
Вясны, і лета, і зімы.
I любы зноў мне тыя стравы,
Што у маленстве елі мы.

I хоць былі мы ўсе галота,
Ды мяккая расла трава,
I быў гарачы пах жніва.
I водар кропавы гарода...

Я ў памяці дзень цэлы рыўся
І з болем зноў перабіраў
I тых, з якімі пасварыўся,
І тых, з якімі памірыўся,
I тых, якім не дараваў;

I тых, каму заўсёды верыў,
А болей — самых лепшых, тых,
З якімі разам перамераў
Гады, трывогі і франты.

Вы так цяпер мне ўсе патрэбны,
Сябры, дарогі, гул бароў...
Глядзіць палоскай вузкай неба
З-за двух агромністых муроў.